ПАВЕ́РХНЯЎ ПРА́ВІЛА ў біялогіі,
палажэнне, што адносіны колькасці цеплавой энергіі, якую выдзяляе гамаятэрмная жывёла, да плошчы паверхні цела маюць прыблізна аднолькавае значэнне. Сфармулявана франц. фізіёлагам Ш.Рышэ (1899) і ням. вучоным М.Рубнерам (1902). Эмпірычна даказана, што сярэдняе значэнне выпрацоўкі цеплавой энергіі (ацэньваецца па колькасці спажываемага кіслароду) непасрэдна звязана з цеплааддачай, якая тым большая, чым драбнейшая жывёла. У дробных жывёл на адзінку масы прыпадае адносна большая плошча паверхні цела, чым у буйных, таму адносная аддача цяпла ў навакольнае асяроддзе дробнымі жывёламі вышэй, што кампенсуецца павялічанай выпрацоўкай цяпла ў арганізме. У экалогіі і біягеаграфіі П.п. звязана з Бергмана правілам.
А.М.Петрыкаў.
т. 11, с. 466
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)